Каваленя Аляксандр Аляксандравіч

Каваленя Аляксандр Аляксандравіч – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар.
Нарадзіўся 14 сакавіка 1946 года ў Капылі. Пасля заканчэння дзевяці класаў у 1962 годзе паступіў у Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №23. Адначасова наведваў заняткі ў школе рабочай моладзі. У 1964 годзе атрымаў дыплом з адзнакай аб заканчэнні вучылішча і атэстат аб сярэдняй адукацыі.
У 1970 годзе паступіў на гістарыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.
У 1979 годзе паступіў ў аспірантуру, якую скончыў праз тры гады з паспяховай абаронай кандыдацкай дысертацыі.
Са снежня 1982 года пачаў працаваць асістэнтам кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута, затым старшым выкладчыкам, а ў маі 1987 года выбраны дацэнтам кафедры. З 1983 па 1991 год з’яўляўся членам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета па распрацоўцы праблем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У 1995 годзе А.Каваленю па рашэнні вучонага Савета Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка залічваюць у дактанатуру, аднак у 1996 годзе яго адклікаюць з вучобы і выбіраюць загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. На пасадзе загадчыка кафедры Аляксандр Аляксандравіч разгарнуў шырокую навукова-даследчую працу. Былі ўстаноўлены цесныя сувязі з навукоўцамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама з калегамі гістарычных кафедраў ВНУ Рэспублікі Беларусь і блізкага замежжа. Калектыў кафедры распрацаваў вельмі важную і актуальную тэму: “Беларусь у сусветным гістарычным працэсе”. На кафедры выконваўся шэраг цікавых даследванняў, звязаных з вывучэннем дэмаграфічнай сітуацыі ў рэспубліцы напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выдаваліся зборнікі навуковых прац.