Іван Іванавіч Пешкур

Нарадзіўся 21 снежня 1921 года ў вёсцы Вострава Капыльскага раёна. З 1935 па 1939 займаўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Яго настаўнікамі былі У.Хрусталёў, І.Ахрэмчык, а таксама Ф.Фогт, які адыграў асабліва важную ролю ў фарміраванні творчага шляху будучага мастака.

Пачатак творчай дзейнасці І.Пешкура выпадае на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Выкарыстоўваючы багаты матэрыял ваеннага часу, ён стварыў шэраг сатырычных антыфашысцкіх плакатаў.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымае актыўны удзел у адраджэнні і далейшым развіцці тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва рэспублікі.

Па эскізах І.Пешкура былі пастаўлены опера А.Даргамыжскага “Русалка”, балет П.Чайкоўскага “Шчаўкунчык” і іншыя спектаклі. У 1948 г. на Усесаюзным фестывалі за спектакль “Папараць-кветка” І.Пешкур атрымаў дыплом лаурэата.

З 1957 па 1969 г.г. І.Пешкур працуе галоўным мастаком Беларускага тэатра юнага гледача. Тут пры яго ўдзеле пастаўлена больш за трыццаць спектакляў.

У 1967 г. для музея Вялікай Айчыннай вайны ў супрацоўніцтве з мастаком Я.Красоўскім І.Пешкур напісаў дыяграму “Лагер смерці у Малым Трасцянцы”, якая адлюстроўвае страшную карціну фашысцкіх зверстваў.

Памёр І. Пешкур 12.10.1980 г. За сваю шматгранную творчую дзейнасць І.І.Пешкур адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”, а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета і граматай Міністэрства культуры БССР.

Пешкур Іван Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. – Т. 12: Палікрат – Праметэй. – Мн., 2001. – С. 343.