Генадзь Міхайлавіч Галубовіч

Нарадзіўся 19 верасня 1934 года ў вёсцы Вялешына-1 Слабада-Кучынскага сельскага Савета Капыльскага раёна.

У 1944-1947 гадах вучыўся ў Вялешынскай пачатковай школе, і з 1947 па 1950 у Слабада-Кучынскай сярэдняй школе і з 1950 па 1953 гады ў Бальшавіцкай сярэдняй школе (в.Лугавая) Капыльскага раёна, з 1957 па 1966 гады вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Пасля заканчэння інстытута вяртаецца на Беларусь і працуе рэдактарам галоўнага выдавецтва Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР. З 1972 года па 1990 загадчык рэдакцыі выяўленчай прадукцыі і галоўны мастак выдавецтва “Беларусь”, а затым і вядучы рэдактар (1990 – 1992) гэтага выдавецтва.

Генадзь Міхайлавіч Галубовіч удзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных кніжных выставак. Ён прымаў удзел у мастацкім афармленні кніг Карачуна Ю.А. “Якуб Колас у творчасці мастакоў”, “Янка Купала ў творчасці мастакоў”, Н.Ф. Высоцкай “Пластык Беларусі ХІІ – ХУІІ стагоддзяў”, камплект паштовак “Янка Купала і Якуб Колас”, кнігі Ганчарова М.І. “Беларускія мастакі аб Вялікай Айчыннай вайне”, кнігі Н.Ф. Высоцкай і Т.А.Карповіча “Жывапіс Беларусі ХІІ – ХУІІІ стагоддзяў” і многіх іншых.

Узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, дзвюма Ганаровымі граматамі і дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, значком “Выдатнік друку”, дыпломамі рэспубліканскіх, усесаюзных, міжрэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кніг”.

На жаль, у 1992 годзе Генадзя Міхайлавіча не стала. Пахаваны ен на радзіме ў в.Вялешына. У верасні 1994 года адбылося ўрачастае адкрыццё надмагільнага помніка і мемарыяльнай дошкі Г.М.Галубовічу ў Вялешыне. У гэты ж дзень у чытальнай зале раённай бібліятэкі імя А.Астрэйкі адбылася прэзентацыя кніг “Іканапіс Беларусі ХУ – ХУІІІ стст.”. “Гэта кніга – сапраўдны твор матацтва”, — сказала на сустрэчы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Партрэт Г.М.Галубовіча падарыў Капыльскаму краязнаўчаму музею народны мастак Беларусі Уладзімір Стальмашонак, а Надзея Высоцкая (жонка мастака) уручыла Нацыянальнаму музею і Нацыянальнай бібліятэцы эклібрысы мастака, які служыў яе Вялікасці Кнізе да апошніх сваіх дзён.

Намаганнямі Надзеі Высоцкай у в. Вялешына створаны музей Г.М. Галубовіча.

Беларускі кніжны знак: [Каталог Г.М.Галубовіча]. – Мн., 1975. – С. 37.

Третья республиканская выставка книжного знака: [Каталог Г.М.Голубовича]. – Мн., 1974. – С. 15

Художники печати Советской Белоруссии: [Г.М.Голубович]. – Мн., 1986. – С. 16.

Экслибрис. Четвертая республиканская выставка книжного знака: [Каталог Г.М.Голубовича]. – Мн., 1979. – С. 13